Усе мае скаргі хацелі падвесці пад сістэмнае трызненне», – распавядае ў праграме вядомы віцебскі лекар Ігар Пасноў.
Заслужанага медыка мы сустракаем каля мясцовага псіхіятрычнага шпіталя. Цягам апошняга года Ігар Пасноў адпрацаваў тут лекарам. Але цяпер пакідае гэтыя муры ў ролі... пацыента. Хоць, фармальна, сёння апошні дзень гэтак званага лекавання, цяпер кожны непрыхільны да ўладаў крок можа прывесці да працягу тэрапіі.
Акурат год таму нашая здымачная група пабывала на месцы, дзе толькі, паводле папераў, функцыянаваў новы корпус хірургіі. А ўжо існыя будынкі – не шмат адрозніваліся ад руінаў. У выніку з боку Паснова пайшлі дзясяткі зваротаў у органы кантролю ў Менску. Пасля цішы ў адказ – публічныя выступы. Як голас роспачы адпаведнае відэа выстаўлялі і звычайныя пацыенты.
Праблемы ў Паснова пачаліся пасля таго, як у ягонай крытыцы ўсё часцей пачало з’яўляцца прозвішча губернатара, сцвярджаюць мясцовыя журналісты, аднак на камеру нам адмаўляюцца гэта казаць, каб не наклікаць бяды. Таксама як і адмовіліся выступіць адкрыта дзеля падтрымання Паснова працаўнікі фірмы, якія зрабілі нам ксеракопіі ягоных дакументаў за бясплатна. Бо падтрымліваюць пазіцыю вядомага лекара.
Вольга – працаўніца віцебскага музею, аматарка гісторыі ды культуры свайго гораду. Яна пагадзілася на кароткую экскурсію для нас. З гістарычнага цэнтру
мы кіруемся да Музею прыватнай калекцыі. Адзінага гэткага кшталту ў Беларусі. На пачатку года на яго паклаў вока Аляксандр Косінец. Ягоная службовая кватэра, дзе раней месціліся старшыні аблвыканкаму, здалася яму зацеснай. А таму цяпер музей перарабілі, а ўваход на яго тэрыторыю – толькі для абраных.
Апроч незаўважанай рэакцыі гісторыкаў, быў і гучны зварот, вядома, спадара Паснова. Ён афіцыйна звярнуўся да ўладаў за тлумачэннямі: чаму, калі ў сферы будаўніцтва па Віцебшчыне выканалі толькі 22 % ад запланаванага, тут літаральна за некалькі месяцаў узвялі новую рэзідэнцыю замест публічнага месца, якім быў музей.